Старонка:Ціхія песьні (1926).pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

емна-негае галубінае вульканьне. Дзяцей сваіх песьцяць галубы, на волю іх гукаюць, лятаць іх навучаюць. То ў пуню, то з пуні ды на хату, на страху шпурхаюць галубы ды ўсё вулькаюць-брукуюць: і ў катухох, і на страсе пад сонейкам. Вулькаюць і мыюцца, насок аб насок точаць-смычаць, цалуюцца-мілуюцца, пёркі слабенькія выкідаюць. Голуб за галубкаю з ласкаю тураецца, разьдзьмухаецца-дзьмецца й грозіцца: вурр-вурр-вурр… Павурчыць ды ўзноў салодка завулькае, нега і тамуча — сам шызенькі, галоўка пазалачваная. Гострым лётам рэжуць чыстае, лёгкае, сіняе бяздоньне ластаўкі, вырабляючы неспадзяваныя петлі і павароткі. Раптам нураюць яны ўніз, а тады стрэлкаю кідаюцца ўбок аж і ўзноў угору. Перабіраюць гострым шылястым крылейкам ці распусьцяць яго і шыбка плывуць, як-бы й ня ведаючы, куды яшчэ кінуцца. Зморацца, пасядуць на вільчыку на страсе, на дзядзькавай сяніцы — і шчабечуць белагрудыя шчабятухі, круткія, шыбкія пяюшкі-ластаўкі: „На моры, была, за морам была, ня бачыла такога хлапца Хамца: сьпіць-сьпіць дый падсьві-і-істывае…“ Ах, ужо высока сонца! Высока сонца — добры сьцень даюць яблыкі ў гаспадаровым садзе на грады, дзе сагнулася гаспадыня ў баразьне, бацьвіньне на абед ламаць. Буйнае, густое парасло ў іх сёлета бацьвіньне. Яшчэ не абсохла тут раса, яшчэ макравы мак, — не расправіў падзёнаму свае ляпёстачкі, аксамітавыя, чырвоныя ў добрага маку і бледа-блакітныя, з цямнейшымі плямкамі пры ложацьветніку ў мака-самасейкі. Яшчэ на тых ляпёстачках павісла брылянцістымі капачкамі сьлязлівая роска. Ды прабіўся скрозь лісьці на сьліўцы сонцаў ход — і зайграў вясёла ў тых капач-