Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/30

Гэта старонка не была вычытаная

Перад намі гэткім чынам абрысоўваецца магутная індывідуальнасьць поэты, шукаючая змаганьня, бачучай ў ім сэнс жыцьця. Ахоплены пафосам барацьбы, пясьняр рысуе нам дынаміку рэволюцыі ў мастацкіх сымболічных вобразах полымя[1], будоўлі новай хаты[2], загукаючага звону[3] і інш.

Асабліва трапную вобразнасьць сустракаем мы ў вершы „Чырвоны мак“. Тут перад намі праходзіць зьмена сьвятла і ценяў.

Чырвоны мак пылае у гародзе
І, к сонцу звонікі працёгшы,
У сэрцы сподзеў рады родзе
Ў таго, хто духам занямогшы.
Чырвоны мак, пасаджаны на градах,
З зямлі выносіць чырвань кроўны
Людзкіх, праліўшых кроў, грамадаў
Ў прыгон цяжкі, многавякоўны.
Чырвоны мак — чырвоная надзея —
Красу ідучых дзён раджае,
Жывым штандарам пламянее
Прад тым, хто к сьветлым днём шагае.[4]

Поэта з радасьцю вітае работнічую і сялянскую рэволюцыю:

Яна прышла ад цяжкіх сох,
Яна прышла з цямні куткоў. —
Хто ў муках дні жыцьця правёў
І ў жыцьці цяжкім век нямог —
Той к нам яе з сабой прывёў…

Гары-ж, агонь кастрычніка, гары!
Свой промень зыркі раздувай,
Няхай ён зьяе з краю ў край…
Хто сьпіць да гэтае пары —
Ўставай![5]

  1. Ibid., стр. 65.
  2. Ibid., стр. 31.
  3. Ibid., стр. 66.
  4. Ibid., стр. 68, 69.
  5. Ibid., стр. 69.