Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

У пятнаццатую гадавіну яго шчырай пясьнярскай працы на карысьць Беларускага працоўнага люду.

Многа поля з добрай доляй,
Нешчасьліва і шчасьліва,
Праляцеў ты, мой саколе,
Па-над роднай сваёй нівай.

У сьвітаньне, у прадвесьне,
З непамернай гордай сілай
Пела бура табе песьні,
Думкі бурныя будзіла.

І мацнелі твае крыльлі,
І мацнеў дух неўгамонны,
А вясёлкі шлях сачылі,
А маланкі слалі ўклоны.

Яснай зрэнкай з-пад аблокаў
Азіраеш пуцявіну,
Па якой ты ненарокам
Мкнуўся к сонцу бязупыну.