Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/37

Гэта старонка не была вычытаная

Ноч сьляпая, ноч-аблога
Зданьню чорнаю вастрога
Прыдушыла ўсё жывое.

Нікла ў цемрадзі дарога,
Даль глядзела злосна-строга,
Нібы ліха насланое.

Але выйшаў ты ў пуціну,
Каб за родную краіну
Цьвёрда сьцяг падняць чырвоны,

Каб да працы, да змаганьня
Клікнуць сьмела ўсіх дазваньня,
Хто насіў ярмо прыгону,

Хто ў панурых нізкіх хатах
Век меў працу на багатых,
Сам галодны, сам бяздольны.

Ты іх ведаў, жыў іх доляй,
Ты гаіў іх сэрца воляй,
Сьвет паказваў новы, вольны.

Праўдай сталі твае мары,
Злыбедзь зьнішчана ў пажары
Гневу бурнага людзкога.

Пасьвятлела ў нашай хаце,
Але працы яшчэ, браце,
Засталося многа, многа!

Якуб Колас.