Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

грушкі ды яблынкі, ядлоўцавыя кусьцікі па межах, старыя замшалыя платы, выбітыя да чораага выганы, рэчачкі-жаральцы, мосьцікі дзіравыя. Уваскросла, ажыло, і, здаецца, загаманіла з ім кожнаю зялінкаю расьлін, кожным чвырыканьнем пташкі, кожным бульканьнем вадзіцы; ачаравала яго нейкаю неземляною, салодка-казлычнаю, прагнаю ласкаю, „як ласка каханае дзяўчыны“, уліло ў яго істоту жывільны сок.

Вось яны едуць Жмінным полем, а потым будзе Ясява грэбля, далей — вёска Жыгуны. а там Чылаўскі лес і г. д.

Пасьля двух год разлукі з гэтым усім, калі Рыгор вымушан быў ня бачыць усяго гэтага, жывучы ў чужых краёх, дзе і поле, і лясы, і людзі — усё-ўсё другое, інакшае, чужое ля яго — знаёмыя мясьціны ў родным краі паказаліся яму такімі блізкімі яго сэрцу, такімі роднымі і дарагімі, што ён зусім ня прыкмячаў у ўспамінках тае мяжы, якая двухгадовай прагалінай ляжала ў яго жыцьці.

Там, у глыбіні яго душы, якая ні на хвілю не пакідала сумаваць па родным краю, па сваіх людзях, — цяпер, калі ўсё паказалася яго вачом, раптам забурліла кіпучая хваля любові і нейкага неаказнага натхненьня … Верылася і ў той-жа час зусім ня верылася, што ён жыве, чуе і бачыць усё, яго апяразваючае, што то — ня сон, ня мары, а яў, сапраўдная, жывая, што можна абмацаць рукамі і праканацца.

∗     ∗

У Сілцы яны ўехалі а палавіне дванаццатай гадзіны днём. У гэты час усе сілчане, ад мала да вяліка, былі ў цэркві, і Рыгора, праехаўшага са тры вуліцы і некалькі перавулкаў, маглі бачыць толькі двое дзіцянят-хлапчукоў, вызіраўшых з-пад вешніц, двара нейчай (ён ня ведаў чыёй) хаты, толькі што падбудаванай, з няпрыробленымі к вокнам шухляваньнямі. Апроч гэтых дзяцей, з іх хурманкаю яшчэ разьмінулася некалькі падвод, ехаўшых з касьцёла шляхтаў.