Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/67

Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор нават і рад быў таму, што так вышла, бо яму ня вельмі і хацелася, каб хто знаёмы яго сустрэў наперад, чымсь ён пасьпее зазірнуць у сваю хатулю. Спакойна і паважна зьлез ён з воза ля хаты, ля гэткай самай, нічуць не зьмяніўшайся хібаркі, якую і пакінуў ён. Шэя зьняў з воза куфэрачак, паставіў яго на прызьбе, а каня прывязаў лейцамі к сіратлівай, пахінуўшайся шуліне, якая тырчэла на крок ад вугла хаты.

Я ў хату ўнясу куфэрак, га? — запытаў Шэя.

— Эй, не, ня трэба, ня трэба: лішняя турбацыя, — спыніў Рыгор: — Вось ляпей скажы, колькі трэба за хурманку? — дабавіў ён, ухмыляючыся.

— Ну, што там гаманіць яшчэ … Я пэвен, што пан Нязвычны мяне не ашукае і … не … пакрыўдзіць. А, ведаючы гэта, ці-ж трэба таргавацца?

— Так то яно так, але скажы ўсё-ткі, каб вышла палюдзку, — наставаў на сваім Рыгор.

— Дык што-ж, калі так, то хай папанскаму: рубель ня будзе замнога?

Рыгор ня думаў: рубель за дваццаць сем вярстоў — варта заўсёды даць. Вось, нічога ня кажучы, ён выняў з кішэні паралез, дастаў рубель і даў Шэі, праказаўшы:

— Дзякую, Шэя, што добра давёз мяне.

— Дзякую шчыра пану Нязвычнаму; каб пану весела перасьвяткаваць.

— Дзякую. Бывай здароў! — схінуўся Рыгор і крануўся дваром к старэнькаму ганку.

Шэя павярнуў каня; затарахцелі драбіны. Рыгор азірнуўся, але ўгледзіў толькі пыл з-пад калёс. „Хай едзе!“ сказаў ён сам сабе і ўзяўся за клямку, каб адчыніць дзьверы, але тут ён пачуў, што яны адчыняюцца самі і спыніўся,

— Рыгорка мой, сонца маё, ясачка мая! — з вясёлаю горнасьцю ў голасе трупнявым голасам загаманіла Стэпа, нара-