Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/68

Гэта старонка не была вычытаная

схлёст адчыніўшы дзьверы і шырока растапырыўшы рукі настрэчу сыну.

— Дзень добры, даражэнькая матуля! Як маецеся, каханая? — тронутым голасам адказаў Рыгор, кінуўся к мацеры, абняў яе худую, крохкую пастацу, схінуў голаў і прыпаў вуснамі к яе шчакам.

Сэрца выбівала радую стрэчу … Доўгі шчыры пацалунак засьвечваў яе.

— Сонца маё, ясачка мая! — з буйнаю сьлязінаю нявыказанай радасьці пераказвала бясьсьціханьня Стэпа; потым узяла сына за руку і, забыўшы нават зачыніць дзьверы сянец, павяла яго ў хату.

— Вось цябе ўжо каторую пару чакаюць таварышы, — паказваючы пальцам на двух маладых хлопцаў, Сёмку і Янку, якія сядзелі ля стала і з шырокімі цёплымі ўсьмешкамі на маладых здаровых белых тварах упарта глядзелі на дзьверы: — Госьцю мой даражэнькі, госцю мой доўгачаканы! — вылівала сваё пачуцьцё Стэпа.

— А, браткі мае, Сёмачка, Яначка! — толькі пераступіў парог, голасна прапяяў Рыгор і тут-жа хутчэй паставіў куфэрак сярод хаты, а сам кінуўся к сталу і павіс на шыі перш Сёмкі, потым Янкі.

Пацалаваўся з абодвама шчыра і зацяжна. Нейкая незьясьнёная сіла бадзёрасьці настолькі захапіла яго, што Рыгор ня змог апамятвацца і бы аглузьдзеў на нейкі час — маўчаў і пазіраў то на маці, то на таварышоў, а радая ўхмылка нібы замёрла на твары і ў гэтай замёрласьці сваёй цьвіла.

Стэпа ўзяла куфэрачак і падсунула яго пад пол, некалькі разоў пераставіла, бразнула замком.

— Ах, як-жа я рад, што вы… Ах, як-жа жывіцё хаця, мае браточкі? — абярнуўся Рыгор к таварышам, пасьля змоўку; потым схапіўся, абярнуўся к мацеры і таксама запытаў:

— А вы, матуля?