Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/69

Гэта старонка не была вычытаная

— О, брат, мы то жывём! У сваім кутку, у сваіх Сілцох, як у Хрыста за пазухаю, весела адпавеў Сёмка.

— Ды жыву, сынку, марнею памаленьку, дабавіла Стэпа.

Падбегла к яму, узяла за руку.

— Разьдзенься хаця ды спачынь крыху з дарогі. Я есьці дам — падмацуйся крыху.

Але Рыгору і няўцям было, што ён ня спаў ужо цэлую пору і што ня вельмі быў сыт ядою.

— Нічога, нічога, мамуся, не клапацецеся, — адказаў ён мацеры, махнуўшы нядбайна рукою, а сам ня сьціхаў распытвацца аб усякіх сілкаўскіх навінах ды расказваць усё тое, што яму даводзілася чуваць і бачыць за гэты час на сьвеце. Гаманіў урыўкамі, кусочкамі ад кожнага здарэньня; а здарэньні выбіраў такія, што трапляліся на адгон адно ад другога на сотні міль, на месяцы часу. Дзіўнага, страшнага, сьмешнага і цікавага быле процьма, і Сёмка з Янам, а таксама Стэпа так былі ўтароплены ў яго, што кожнае Оыгорава слова нібы ўбіралі ў сябе, жавалі і смакавалі.

Рыгор стаяў, як прыехаў: у капялюшы, у паліце, запылены; забылі ўсе папрасіць яго прысесьці, і ён сам забыў.

— А за-а-аво-оды, за-воды!! — з асобным прыціскам зацягнуў ён, — каб вы толькі пабачылі: аграмадныя такія дамішчы, даўжынёю, напрыклад, як ад рэчкі да цэркві; у тры, чатыры, а то і ў пяць атажоў. А пры боку трубы высачэрныя-высачэрныя — к самаму небу цягнуцца і бясьсьціханьня сапуць чорнаю сопухаю. Страшна нават паглядзець з боку. А калі ўвойдзеш у такі завод — колькі там народу-у-у! Як мурашак, як на пажары: кішаць, бегаюць, лётаюць. Машыны гудуць, калёсы верцяцца, шум, стук, грукат, сьвіст. І я на адным з такіх працую.

І спыніўся, нібы што забыў!

— Ах, хаця разьдзецца трэба, я й забыў.

— Але, але, разьдзенься, разьдзенься Рыгору, — у адзін голас праказалі Сёмка, Янка і Стэпа.