Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/70

Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор паважна, нават трошкі нядбайна, пачаў разьдзявацца: скінуў палітон, згарнуў яго і палажыў на лаве; потым зьняў капялюш.

— А мора хаця бачыў? — зацікавіўся Янка.

— Вунь дзіва якое! Дык мора ля Рыгі як рукою падаць: кожную нядзелю, бывала, езьдзіш туды; устанеш гэта раніцаю, пап‘еш гарбаты, закупіш чаго перакусіць — і ходу. А народу — калі ня прыедзеш — процьма, кішмя кішыць. Ды і ёсьць чаго туды прыяжджаць: толькі кінеш вокам — шыр неабмерная: вада, вада, то — неба адно… Стыне сэрца ад страху — ехаць морам.

За апавяданьнем Рыгор пасьпеў якраз асвойтацца з акружваючым яго; у аднэй бялізьне і ў панчохах ён усеўся на лаве між Сёмкай і Янкай.

— Вось, наце перакусеце, хлопцы, разам з госьцем, а тады ўжо будзеце бялізьне колькі ўлезе, — праказала Стэпа, падаючы на стол бухоную жоўтую свайго ўпёку кіпку, нарэзанае каўбасы і сыру.

— Прасі, Рыгорка, таварышаў, — абярнулася яна к сыну.

— Ды нічога, нічога, не патурайце аб нас, цятуля; чаго добрага, а бессаром‘я ў нас даволі: самі ўсядземся. Хваліць бога, што дачакаліся Рыгора; за яго здароў‘е чаму-ж не пагасьціцца, — сьмяшліва адказаў Сёмка і першы ўзяўся за відэлку.

Прыняліся есьці ўсе ў трох. Стэпа-ж не захацела садзіцца за стол, а ўзяла ў руку кусочак сыру і кавалачак кіпкі і, адступіўшыся крокаў два ад стала, схіліла на бок голаў і, мягкім шырокім зіркам гледзячы на іх, нядбайна, несхаць жавала мякіш булкі і сыр.

— Хай-бы-ж і вы прыселі, мама? — папрасіў Рыгор.

— Але, цётачка, прысядайце з намі! — пазваў і Сёмка і пасунуўся на лаве, каб даць больш месца Стэпе.

— Ды нічога, нічога, дзеткі, — аба мне не клапацецеся, — ласкавым і зусім спакойным голасам адказала Стэпа. Сказала і змоўкла. Захапілі ўсю яе істоту неадчэпныя, упартыя думкі.