Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/77

Гэта старонка не была вычытаная

бітымі; але гэта не памагала і яны хадзілі йзноў „імшаць“. Так бывала летам, калі ўсё сьпела. А вясною, чуць толькі паказвала на цяпло, пачынаў раставаць сьнег, часьцей выбліскала сонца, Рыгор з хэўраю сваіх таварышоў кожную нядзелю, кожны сьвяты дзень бегалі ў Хвойнік і шукалі ў ім голых мясьцін зямлі; дзе знаходзілі — разуваліся і ступалі босымі нагамі. Потым, як сонца настолькі прыўдарала цяплом, што аж сьнег перарабляўся ў воду, запаўняў разоры і раўчукі, а рэчка мо‘ у сто раз пабольшвалася, ён глядзеў паводкі, цешыўся бурнымі хвалямі яе, хутка нясучыміся кудысь туды, к Шансаваму возеру, а адтуль за памешчыцкі лес, дзесь далёка-далёка, у мора:

Гледзячы і любуючыся паводкаю, Рыгор успамінаў сказы мацеры, якая паведвала яму, што калісь-то, спакон вякоў, у адным месцы працякала вялізарная рэчка, па якой швэндаліся караблі, ганяліся плыты і на чаўнох людзі рыбу лавілі. Потым, у адзін такі час трапілася так, што па рэчцы той паехаў ноччу плаваць ведзьмін сын і вось, толькі ён адплыў ад берагу і хацеў пераехаць на другі бок, як паднялася страшэнная бура-завіруха: неба зацяглося цёмнымі-працёмнымі хмарамі, зашугаў страшэнны вецер; сіберна захваляваў ваду, — і човен ня вытрымаў — абярнуўся, а ведзьмін сын утапіўся. Бура сьціхла, нібы і хацела толькі сабе ў ахвяру маладое жыцьцё … Праз колькі часу да ведзьмы дайшла гэна страшная зьвестка і тая ажно за голаў узялася з перапалоху ды зрашыла пакараць раку за яе такую штуку. Выйшаўшы на бераг, яна падняла ўгору рукі і пачала клясьці; вада ў момант вайшла ў зямлю, пакінуўшы толькі маленькае жаральцо; а ў адным месцы, на загіну, дык палажыла юшку і закрыла ёю тую дзірку, якою вада зайшла ў зямлю На тым месцы якраз зьявілася крыніца, якую празвалі „Віруноваю крыніцаю“. Вось, калі кінуць у яе камень ды прыслухацца, то можна пачуць нібы дзьвенк: то камень стукаецца аб юшку. Далей, перадаваў сказ, з часам падыдзе пара, да якое назначан тэрмін пра-