Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/81

Гэта старонка не была вычытаная

Стэпа прыбавіла шагу і завярнула ў двор, а Рыгор яшчэ забег па дарозе к суседу Лявону.

А чацьвёртай гадзіне к Рыгору сыйшліся: Лявон з жонкаю Юзяю, Янка і Сёмка з бацькам. Стэпа гасьцінна прыняла ўсіх і хутчэй-жа рассадзіла за стол, на якім красаваліся дзьве паўбутэлькі гарэлкі і ў трох пасудзінках сякая-такая закуска.

— Выбачайце, даражэнькія мае, што гэтак шчэдна я частую вас: чымсь хата багата! Садзецеся, родненькія, за стол! — убачалася перад імі Стэпа.

— Пакінь, пакінь, Стэпа; ці-ж то вясельле якое, ці што, — сьцешыў яе Лявон.

— Эй, эй, цётка, і гэтага ня варта было; навошта дарэмная трата, — дабавіў Сёмка.

— Ды што вы кажаце: а мо‘ гэна і вясельле і ўсё маё; можа я ўжо болей і ня ўбачуся са сваім Рыгоркам.

— Ня горніся, не бядуй — бог ласкаў: вось пераедзе ў горад, ажывецца там ды цябе йшчэ забярэ к сабе. Ого-о! Ня журыся, — суцяшаў Лявон. — Вунь падзівіся на сына — золата! Ведаеш, Стэпа, я ня схлушу табе: здаецца, вы ніякія не сваякі мае, а я гэтак зжыўся з вамі, што выказаць нельга. Твой Рыгор, бы мой сын — гэтак я яго зважаю ды цаню высока. Мне здаецца, я ня лішчу ні каліва, што перад ім ня ўстоіць ні адзін сілкоўскі хлопец…

— Дзякую, дужа дзякую, Лявоначка, за твае словы!… ты наш самы блізкі прыяцель. Вось Рыгорка мой кожны раз не праміне, каб не запытаў у лісьце аб табе: дужа ён вашу сям‘ю шануе.

— Дык хай яму госпад на чужыне спрыяе, а табе дасьць здароўя прычакацца яго вясельля, — выпіваючы чарку, пазычыў Стэпе Лявон.

— Дай госпад! — адказала Стэпа: — Закусвайце, мае даражэнькія, закусвайце, — абярнулася яна к усім.