Старонка:Цішка Гартны (1923).pdf/83

Гэта старонка не была вычытаная

ма адыйшоў ад гасьцей і то сёе, то тое пачаў зьбіраць ды вязаць у клункі. Скора куфэрак і адзін зьвязак стаялі пры печы нагатове:

— Пасьпееш яшчэ к машыне, прасьцярог Рыгора Лявон.

А Стэпа глядзела на гэту варухню і горнілася: разлука з сынам — бач ня сон, а вачавідкі.

— Сынок мой, я сама ўсё зьбяру, не пакідай стала, паеш сяго-таго, — прасіла яна Рыгора.

— Нічога, не клапацецеся, матуля, і ня горніцеся. Вось прыеду праз год панам, — жартаваў Рыгор і ўхмыляўся. Ухмыляўся нявесела, бо душа шчымела моцна: разлука ўсё-ткі балюча!

— Ай, ды малайчына Рыгор! Чаго-ж там ныць! Сьвет ня дасьць у крыўду нікога, — пахваліла Юзя.

— Ды гэтак, галубачка, але-ж усё-ткі, як ты не кажы — дзіцё сваё…

На дварэ пачуўся грукат калёс. Усе зірнулі ў вокны: то пад‘ехаў Сёмка.

— Гатоў, Рыгор? — прагукаў ён, прывязваючы лейцы за вугал прызьбы.

— Іду, іду! — адазваўся Рыгор.

Усе паважна пачалі вылазіць з-за стала і цалавацца з Рыгорам. Апошняю падыйшла Стэпа і, расплакаўшыся, абняла сына. Ня вытрымаў і Рыгор: і ў яго вачох заблішчэлі сьлёзы.

— Супакойцеся, матка! Што-ж зробіш — суцешыў ён мацеру, адхіліўшы яе голаў.

— Ой, Рыгорку, не магу!

— Што-ж парадзіш?

— Годзі, годзі, Стэпа, трэ‘ ехаць, пара, — спыніў Стэпу Сёмкаў бацька: — не нацалуешся надоўга… Ня горніся так, не апошні раз бачыш.

Рыгор адыйшоў ад мацеры і, узяўшы куфэрак, пайшоў на двор. Янка захапіў другія рэчы. За імі выйшлі ўсе.

— Едзь, Сёмка, мы пойдзем, — праказаў Янка.