Старонка:Чарку дай, Браце… (1926).pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

Сказаўшы гэта, прачыніў ён дзьверы…
На софе мяккай ляжала дзяўчына!
Грудзі адкрыты, твар як-бы з паперы
Бледы і гідкі (і ня без прычыны)…
Над целам сонным сяброк мой схіліўся,
Цалункам прагным ёй у грудзі ўпіўся…

Зусім ня помню што са мной зрабілась…
Як бязпрытомны я глядзеў праз дзьверы…
Яна! Так! Люба!… Навет прабудзілась
І вочы ейны сумныя бязь меры…
Стралою рынуў адтуле я вонкі,
За думкай страшнай пабег наўдагонкі.

Хапіў рэвольвэр і ляцеў да рэкі,
Гдзе ў сьне мы кветкі сёдня пакідалі.
Рэчка замерзла. А маей уцекі
Тутка, здаецца, груганы чакалі:
Зь лесу ўзнялася іх грамада цэла
І крыкам злосным ў неба загрымела.

Як труп у тое я месца зваліўся,
Гдзе мы калісьці агонь раскладалі, —
Біў сабе грудзі і сьлязьмі заліўся…
Раптам рэвольвэр адкінуў найдалей,
Бо сьмех шалёны хапіў з тэй прычыны:
Што «шлях з жанчынай ёсьць грэхам мужчыны».