Старонка:Швейк 1.pdf/33

Гэта старонка была вычытаная

— Заўтра паедзем адпраўляць палявую імшу. Заварыце чорнае кавы з ромам... Ці мо’, яшчэ лепш, згатуйце грог.

Швэйк з фэльдкуратам едуць адпраўляць палявую імшу.

Падрыхтоўка да выпраўленьня людзей на той свет чынілася заўсёды імем бога ці іншае найвышэйшае істоты, створанае людзкай фантазіяй. Старажытныя фінікійцы перш, чымся перарэзаць палоннаму горла, адпраўлялі ўрачыстае набажэнства, акурат так, як рабілі гэта праз колькі тысячагодзьдзяў нашыя сучасьнікі, перад тым, як ісьці агнём і мячом на супраціўніка. Людаеды на Гвінэйскіх выспах перад урачыстым зьядзеньнем ваеннапалонных або людзей ні навошта ня вартых, як напрыклад: місіянэраў, вандроўнікаў, коміваяжэраў розных фірм і проста цікавых, рабілі ахвяры сваім багом, выконваючы розныя рэлігійныя цырамоніі. Адылі затым, што да іх не дасягнула яшчэ культура папоўскіх рыз, яны ў гэткіх урачыстых выпадках аздабляюць свае зады яскравым птушыным пер'ем. Сьвятая інквізіцыя, якая паліла свае няшчасныя ахвяры, папярэдне адпраўляла ўрачыстае набажэнства.