Старонка:Швейк 1.pdf/48

Гэта старонка не была вычытаная

палявая імша павінна быць такая-ж рухавая ды шпаркая.

Імша цягнулася акурат дзесяць хвілін. Тыя, што стаялі бліжэй, дзіву даваліся, чаму пад час імшы фэльдкурат прысьвіствае.

Швэйк лётам лавіў сыгналы і зьяўляўся то на-права, то на-лева ад алтара, не вымаўляючы нічога іншага, апроч «і са духам тваім». Яго бягня вакол фэльдкурата нагадвала індыйскія скокі вакол ахвярніка. Але агулам усё зрабіла дужа добрае ўражаньне і разьвеяла нудэту пылянага, панурага вучэбнага пляцу, аблямаванага прысадамі сьлівяных дрэў і прыбіральнямі, дух ад якіх падмяняў містычны пах ладану ў готычных храмах. Імша ўвяла ўсіх у добры гумар. Афіцэры, скупаваўшыся каля палкоўніка, расказвалі анэкдоты — усё ішло добрым ладам. Сям-там сярод салдатаў чуць было: «Дай разок пацягнуць!» І, нібы ахвярны дым, узьнімаліся ў неба сінявыя цурочкі табачнага дыму. Закурылі і ўсе унтэр-афіцэры, як убачылі, што сам палкоўнік закурыў.

Нарэшце скамандавалі: «На малітву!» Узьняўшы пыл, шэры квадрат вайсковых мундзіраў укленчыў перад кубкам паручніка Вітынгера, які той атрымаў за спаборніцтва на бягню Вена—Мэдлінг.