Унізе, у палаце, гэтыя зладзеі паказалі ёй язык і сказалі ёй, што яна «хара» і «асьліца валаамава».
— Сапраўды, гэта нешта страшэннае, пане фэльдкурат. Народ так разбэсьціўся...
I яна завяла гаворку пра тое, як яна ўяўляе сабе рэлігійнае выхаваньне салдата. Толькі тады салдат адважна змагаецца за свайго імпэратара, калі ён верыць у бога і повен рэлігійных пачуцьцёў. Толькі тады ён не баіцца сьмерці, бо ведае, што яго чакае рай.
Гэтая лапатуха яшчэ ці мала несла розную лухту, і відаць было, што яна мае замер доўга яшчэ не пакідаць фэльдкурата. Фэльдкурат без асаблівае далікатнасьці адвітаўся.
— Едзем дамоў, Швэйк, — крыкнуў ён у калавурку.
Едучы назад, яны ўжо ніякага форсу не задавалі.
— У наступны раз хай едзе саборваць хто-хоця, — сказаў фэльдкурат. — Чалавеку прыходзіцца таргавацца за кожную душу, якую ён хоча ратаваць. Бюрократы! Паскуднікі!
Угледзеўшы ў Швейка ў руках пляшачку з «сьвянцоным алеем», ён насупіўся: