Старонка:Шкялёнак У трохсотыя ўгодкі.pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная

каб супольне гвалціць людзкія сумленьні і нарушаць агульны супакой, — чаго ніколі ня было! Сьцеражыце вуніі для сябе і выконвайце спакойна свае абавязкі, не наражаючы нас на агульную ненавісьць, сябе-ж самога на небясьпеку і гэтакі вялікі перад усім народам упадак. „На няпрымаючых вуніі — пішаце — выдаць загад і выгнаць іх з дзяржавы“. Барані Божа! Няхай ня дзеецца ў айчыне нашай гэтакае страшэннае бяспраўе! Даўно ў гэтых гаспадарствах уведзена сьвятая рымска-каталіцкая вера і пакуль ня мела насьлядаўнічкі набажэнства свайго і паслухмянасьці для сьв. Айца, датуль славілася любоўю да супакою і магутнасьцю ўнутры і вонках краю. Цяпер жа, прыняўшы ў грамадзкасьці сваю неякую калатлівую і неспакойную таварышку, церпіць з гэтае прычыны на кожным Сойме, на кожным народным сабраньні, на кожным павятовым сойміку шмат якія сваркі і зьнявагі. Здавалася-б, лепш і карысьней для грамадзянства было-б парваць зусім з гэтакай калатлівай таварышкай, бо мы ніколі ў айчыне нашай ня мелі гэтакіх сварак, якія нам прынесла гэтая рознакалёрная вунія. Хрыстос не пячатаваў і не замыкаў цэркваў. „Маюць яны (вуніяты)—кажаце — адпаведных ксяндзоў“, дай Божа, каб іх было досыць, але гэтага мала, што Вы самі іх хваліце: уласная хвала заўсёды ёсьць падазронай. Трэба, каб інаверцы бачылі добрыя ўчынкі іхнія і ішлі за імі па сьцежках іхніх. Аднак, я чуў, якіх Вы папоў пасьвячаеце, г. ё. такіх, ад каторых царкве больш упадку, чымся збудаваньня здарыцца можа.

Агульна Вам закідаюць, што ў Вас няма адпаведных папоў, а хутчэй поўна сьляпых. Гэтак папы Вашыя цягнуць за сабой народ на згубу. „Аддаваць—пішаце—цэрквы на пасьмешышча і зьдзекі“,—але пячатаваць і замыкаць цэрквы і зьдзекавацца над кім-колечы — гэта знача ламаць брацкую аднамыснасьць і ўзаемную згоду. Па гэтым усім, няхай мне Ваша Міласьць пакажа, каго Вы прыдбалі, каго зьядналі гэтай сваей срогасьцю, суровасьцю, гэтым пячатаваньнем і замыканьнем цэркваў? І запраўды пакажацца, што Вы страцілі навет і тых, каторыя ў Полацку ў Вас былі ў паслухмянасьці; з авечак зрабілі казлоў; сьцягнулі небясьпеку на край, а можа і згубу на ўсіх нас каталікоў. Заместа вясельля прынесла нам Ваша гэтак хвалёная вунія клапоты, несупакойнасьць, нязгоду і так нам зрабілася горкай, што мы прагнулі-б лепш быць без яе, чымся з прычыны яе цярпець непакоі, горыч і дакуку. Вось плады Вашае вуніі. Знамянітай запраўды ёсьць яна прычынай сварак і нязгоднасьці паміж людзьмі і ў краі. Бо калі-б, чаго сьцеражы Божа, айчына наша ўзбурылася (да чаго Вы гэтакую дагодную дарогу сваей суровасьцю паказываеце), ня ведаю, што-б тады з Вашай вуніяй было…

А па гэтым усім гаспадар загадвае цэрквы іхнія распячатаваць і адчыніць, аб чым я Вашай Міласьці пішу. А калі Вы па гэтым маім напамінаньні не адпячатаеце і не адчыніце цэркваў, дык я сам загадаю іх распячатаць і праваслаўным аддаць, каб яны паводле свайго набажэнства ў цэрквах свае абрады