Старонка:Шкялёнак У трохсотыя ўгодкі.pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

цэлярыі Вялікага Князьства Літоўскага, які знаходзіўся пад асабістым даглядам і кіраўніцтвам Вялікага Канцлера Літоўскага. Архіў гэты зьмяшчае арыгінальныя дакумэнты ад XIII стагодзьдзя і копіі дакумэнтаў, выданых з Дзяржаўнае Канцэлярыі, ды мае надзвычайна вялікую цэннасьць дзеля беларускае гісторыі [1].

Яшчэ ў 1594 г., у Вільні, канцлер Леў Сапега апрацаваў рэестр дакумэнтаў Літоўскай Мэтрыкі, а пад канец жыцьця ён упарадкаваў гэты архіў, перапісаўшы кнігі нанова.

Акты Мэтрыкі былі пісаны ў беларускай мове, а дзеля таго, што яны абыймаюць стагодзьдзі, можна на аснове іх прасачыць абраз разьвіцьця беларускае мовы.

Незадоўга да сваей сьмерці Сапега атрымаў годнасьць Маршалка Вялікага Князьства і ў гэтай годнасьці, як прадстаўнік дзяржавы, спатыкаў у 1633 годзе новага караля Уладыслава IV. Сапега меў тады 76 гадоў. Праз два тыдні пасьля гэтае сустрэчы ён памер і быў пахаваны ў Вільні ў касьцелі сьв. Міхала, ім жа ўфундаваным. Перад сьмерцяй Сапега багата абдараваў уфундаваныя ім цэрквы і касьцёлы. Цела яго, аднак, доўга не магло знайсьці супакою. Над ім надругаліся два разы маскоўцы, асабліва ў 1655 годзе, выкідаючы труну на вуліцу.

У асобе Льва Сапегі Вялікае Князьства страціла апошняга абаронцу сваіх правоў, а беларускі народ — абаронцу свае культуры, мовы і нацыянальнасьці. Пасьля сьмерці Сапегі аканчальны заняпад палітычнага і культурнага жыцьця Беларусі збліжаўся шыбкімі крокамі, і ўжо ў 1697 г. зьявілася соймавая пастанова, касаваўшая правы беларускае мовы, як мовы ўрадовае, і загадаваўшая земскаму пісару ўсе акты пісаць папольску. Не падлягае сумліву, што факт гэты стаўся-бы значна раней, калі-б ня было Сапегі.

Дзеяльнасьць Сапегі не ўратавала Вялікага Князьства і беларускае культуры ад пазьнейшага заняпаду. Тлумачыцца гэта тымі вялікімі супярэчнасьцямі ўнутранага жыцьця Вялікага Князьства, каторых навет Сапезе, паміма задзіўляючых высілкаў з яго боку, не ўдалося зьнішчыць. І ўсё-ж такі эпоха Сапегі астанецца назаўсёды ў гісторыі беларускага народу і яго культуры залатой парой, а магутная постаць Вялікага Канцлера будзе ўсьцяж яскравым доказам вялікіх творчых сілаў, укрытых у беларускім народзе. І, хаця мінула ўжо 300 гадоў ад дня яго сьмерці, Леў Сапега застанецца назаўсёды для ўдзячных патомкаў узорам мудрага палітыка і дыплёматы ды гарачага патрыёты, прыкладам запраўднае справядлівасьці, несфальшаванае толеранцыі і высокае эдукаванасьці.

ГАЛОЎНЫЯ КРЫНІЦЫ: Scriptores rerum polonicarum. Tomus VIII: Archivum Domu Radziwiłłów. Kraków, 1885 г. Ластоўскі В.: Гісторыя Беларускае (Крыўскае) Кнігі, Коўна 1926 г. T. Czacki: „O Litewskich i Polsckich Prawach“, Warszawa, 1800—1801.

  1. Гэты скарб сяньня раскіданы па ўсей Расеі і Польшчы. Часткі Мэтрыкі знаходзяцца ў Ленінградзе, Маскве, Варшаве (найстарэйшыя акты ад 1386 да 1551 году). Агулам Літоўская Мэтрыка абыймала акты Вялікага Князьства да 1794 году і мела 556 томаў, у якіх у хронолёгічным парадку адзначаны ўсе важнейшыя здарэньні дзяржаўнага жыцьця.