Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/123

Гэта старонка была вычытаная

6.

Эх, дзяцюк, хама ўнук,
Сын бяды і працы,
Чаго прэш, як сьляпы,
Ў панскіе палацы?
Ці там сват, ці камрат,
Ці брат, ці сястрычка?
Ці цябе вабе там
Панна-белалічка?
Ці табе па арбе,
Трудах потам злітых,
Весялей, шчасьлівей
Між паноў, між сытых?
А мо дзе на куце
Разам там саджаюць,
І віном дарагім
Частуюць, прымаюць?..
Эх, Арцём! ня твой дом—
Панскіе парогі,
Не твае там дружкі,
Мой ты браце ўбогі.
Бач, стаіш і дрыжыш
С шапкаю ў парозе
Вось якраз, як зімой
З дрэвам на марозе.
А во, глянь, лепей стань,
Кланяйся здалёку:
К табе аж пад парог
Нясе чарку лёкай.
Трэба піць, закусіць
Недаежай панскай,
У руку цмакануць
За прывет, за ласку.
А вун дзе панна йдзе,—
Якіе, ах, шаты!
Што глядзіш?—у яе
Ёсьць паніч багаты.
Як там ёсьць, ты ўсё-ж госьць,—
Думай і аб хаце…