Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/127

Гэта старонка была вычытаная

Стаў с трудоў гарбаты,
Хоць ешчэ не стар,
Падбел пабіў пяты,
Загарэў ўвесь твар.
І ногі, і рукі
Крывые дрыжаць;
З якой, ах, прынукі
Мусіш гарэваць?
Што цябе ганяе
Так трудзіцца век:
Ці доля такая,
Ці зьвер-чэлавек?
Ну, ідзі, араты,
Гэй, далей ідзі!
Шнурок вускаваты
Ары, не глядзі.
Ў сыру зе́млю прутка
Сошку закладай,
Каня пугай хутка
Гані, паганяй.
Скібіну ў скібіну,
Загон у загон,
Вылі дзесяціну,
Не лічы варон!
За кожным зваротам
Баразну ральлі
Палівай ты потам,
Сьлязіной палі.
Змогся. Час прысесьці,
Аддыхнуць, дружок…
Нясе жонка есьці
Цэлы спарышок.
Ну што, баба, гэта
Хлеба не нясеш?..
Ці-ж на то ўсё лета
Араты, арэш?
Ці-ж на тое трэба
Ліці табе пот,
Каб есьці бяз хлеба
Лебяду, асот?