Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

Дык хай жэ вас не асіле
Зверство непагоды,
Распусьціце свае крыльля,
Як і ўсе народы.
Рухне крыўда, праўда ўстане,
Ворагаў адстрашэ;
Будзе долі панаванне
На зямлі на нашай.

|}



Паляці, мая мысьль…

Паляці, мая мысьль, лётам со́кала,
І прагледзь гэты сьвет кругом-вокала.
Лётам сьветлай зары панад стрэхамі
Сып надзеяй жывой і пацехамі.
Пей аб волі людзям думкі цудные,
Уміляй іх жыцьця сьцежкі трудные.
Залатые сны ім нехай родзюцца,
Нехай жаль на душы супакоіцца.
Гонюць хай ад сябе цьмы нядольные,
І рука у руку пойдуць вольные.
Так ляці, эй, ляці, мысьль свабодная!
А ты міла спаткай, земля родная.



Рвіся, думка!..

Покі старасьць неўдалая
Костак з ног не вале,
Рвіся, думка маладая,
Туды, выжэй, далей!
К таей праўдзе ненапраснай:
К шчасьцію і свабодзе;
Рвіся, покі будзе ясна,
Покі будзе годзе!
Гарапашна, непрасьветна
І ў душы, і ў хаце,
Стане горэй непрыветна,
Калі будзем спаці.