Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/18

Гэта старонка была вычытаная

Песьня сонцу.

Вольным гоманам хвоек высокіх,
Туманамі санлівых нізін,
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
Клічэм, сонце, цябе, як адзін!
Распусьці залацістые косы,
Схаладзелы загон ацяплі,
Аквяці лугавые пакосы,
Ўсходы новые сей на зямлі.
З непатульнай пакорнай зямліцай
Заручыся, шлюб вечны вазьмі,
Разлівайся люстранай крыніцай
Між даламі, гарамі, людзьмі…
Разсыпайся па сёлах, па нівах
Брылянцістай ажыўчай расой;
У вясёлках купайся цьвятлівых,
Ла́скай сэрцэ, душу супакой…
Як у сьвята Купальскае, сонцэ,
Свой жывы абнаўляеш паглёд,
Аднаві славу нашай старонцы,
Аднаві яе сумны народ!
Хай нам явары вечные думы,
Думы-байкі шасьцяць, шэлесьцяць,
І нясуцца хай гэтые шумы,
Па бел-сьвету лецяць, хай лецяць!…
Дык глянь с хорамаў вольных, высокіх
Да Крывіцкіх туманных нізін…
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
Клічэм, сонцэ, цябе, як адзін!



Песьня-байка.

З-за далёку, із усходу
Віхар мчыцца ў непагоду,
Байкі сее маладые;
Думка чуе, думка ные…