Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/220

Гэта старонка была вычытаная

Як напэўна спазнаў, дагадаўся і ты,
Праз дзяўчынку пашло, а ня лёгка пашло.
Маладые былі, шмат было дурнаты;
Дваццаць першы мне йшоў, ей семнаццаць было.
Па-суседзтву жыла, звалі Еўкай яе;
Да спадобы была як і мне, так і ўсім,
Ці глядзіць на цябе, ці то песьню пяе,—
Не было ей раўні ні у гэтымъ, ні ў чым.
Падабалася мне лепш, як сам я сабе;
Неспакой мучыў днём, ночкай сон уцекаў;
Ці ішоў за сахой, ці пацеў у касьбе,—
Павідаці яе, як збаўлення чэкаў.
Не скажу, каб мяне адганяла яна:
Ей па сэрцы я быў, як яна для мяне.
І часіна ўцекла у дваіх не адна,
І цяпер гэты час ма́ю ў сэрцы на дне.
На кірмашы хадзіў з ею разам не раз,
І гасьцінцы купляў, і ў садочку гуляў;
Ненаглядку маю я галубіў падчас,
Абнімаў, цалаваў, думкі ей асьмеляў.
А матуля мая, (рай нябескі ўжо ей),
Так любіла яе, як-бы родну дачку:
Ўсё чэкала, калі назаву я сваей,—
Калі Еўку сваю павяду у царкву.
Дый адна злыбеда мой сушыла папар:
Прызыў мне, як петля, ўжо на шыі вісеў…
Брату вышлі гады, бацька жыў і не стар,
Я сам дуж і здароў,—значыць, льготы ня меў.
Што рабіць у такім тут жыцьці без пуцьці—
Выйці цэлым с пятлі, не палезьці на ўрад:
Ці жаніцця цяпер і ў салдаты ісьці,
Ці жаніцца тады, як вярнуся с салдат?..
Варажыў, разважаў сам адзін і з людзьмі:
Еўка кажэ, што ей можна гэтак і так;
Маці кажэ: цяпер ажаніся вазьмі;
Бацька раіць—пасьля, бо мо’ здарыцца ўсяк.
Адлажыў на пасьля, адлажыў на ўсяды…
Хутка восень прышла, і на прызыў у Шклоў
Татка з хаты павёз. Там пашло без бяды:
Папрашчацца дзядзькі атпусьцілі дамоў.