Старонка:Шляхам змаганьня.pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

Не рабіў людзём я злога,
І ня лез ім у дарогу,
Ні казаў ліхога слова,
Не хацеў быць дрэнным Богу.
Толькі я хацеў зрабіці
Для народу лепшу долю,
Каб яму было лепш жыці,
Ды каб меў зямлю і волю.
Каб ня быў галодны, босы
Каб ён хлеб еў, не мякіну,
Каб кахаў свае палосы,
Каб ў хляве ён меў жывіну.
Выгнаць вон душу прыгонну,
Каб прад кожным не кланяўся,
Каб горды, не паклонны,
Каб благоцьця не баяўся.
Каб кахаў ён край свой родны,
Мовы роднай не чураўся,
Каб бацькоў сваіх быў годны,
Каб сярмягі не стыдаўся.
Абудзіць душу загнану,
Каб ўжо ведаў хто ён гэткі,
Каб ня быў служакай пану,
Каб гараў свае палеткі.
Каб ня быў ён бедны, голы
Не цягнуць з яго астаткі,
Бо і так галодны, кволы,
Аддае шмат на падаткі.
Каб у нас у домах Божых
Ня вучылі адракацца
Родных звычаяў прыгожых,
Беларускасьці чурацца.
Дык, судзьдзі, мае паночкі,
Дзе-ж праступак, дзе-ж тут бунты?
Я-ж чужой ня ўзяў сарочкі,
ані хлеба нават фунта…