Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/46

Гэта старонка не была вычытаная

Мацальскі (я. в.). А? што?.. ага!.. добры дзень выбачайце…

Уршуля. Можа вам гэта здаецца дзіўным, што я, знайшоўшы ў сваей торбачцы вашы запросіны, так адразу да вас прыйшла? Але ў мяне такая ўжо арыгінальная натура! Я шукаю перажываньняў… Толькі, калі ласка, вы, граф, не падумайце аба мне нічога дрэннага!.. Я толькі так… бо вы, граф, такі незвычайны чалавек! такі не такі, як іншыя, а апроч таго… (пабачыўшы ў яго руках бот і шчотку). Што гэта? Вы самі боты чысьціце, граф?

Мацальскі (зьбіўшыся з панталыку). Я?.. боты?.. (няшчыра сьмяецца). Ха-ха-ха! Гэта я так… для мацыёну, я гэта люблю… (кідае бот і шчотку ў кут і апранаецца).

Уршуля. А дзе-ж вашы слугі?

Мацальскі. Мае слугі? Дзе-ж мае слугі?.. Ах, праўда!.. Я пусьціў свайго лёкая на вечарыну, няхай хлопец пагуляе сябе трохі (д. с.) Добра, што цяпер пана няма!

Уршуля. Ах, якое ў вас добрае сэрца, граф!

Мацальскі. О, але! Як я прызываўся ў салдаты, дык доктар, аглядаючы мяне, сказаў: о! у яго сэрца важнецкае!..

Уршуля. Граф! Чаму вы не запрапануеце мне сесьці?

Мацальскі (усхопіўшыся). Ах, праўда!.. выбачайце! (Падае ей крэсла). Калі ласка! (д. с.) Чаго яна да мяне прыпёрлася?