Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/51

Гэта старонка не была вычытаная

Зьява 4.

Мар’янна (адна).

Мар’янна (таўстая, здаровая, чырвоная кухарка, уваходзіць праз уходныя дзьверы; глянуўшы, што на сцэне нікога няма, кліча:). Ільдэфонс! пан Ільдэфонс! я ўжо прыйшла… (Ідзе да дзьвярэй, у якія пайшоў Мацальскі з Магдаленай, хоча іх адчыніць, але дзьверы не адчыняюцца). Гм… дзьверы зачынены, яго значыць няма, а прасіў прыйсьці… Як-жаж так? (падслухоўвае пад дзьвярыма). Не! здаецца, нешта варухнулася! (кліча): пан Ільдэфонс! а пан Ільдэфонс! (паўза). Не, значыць яго няма… (Уршуля за сцэнай ізноў чыхнула). А вось дзе ён! Чыхае бедненькі! Бадзяецца па якіхсь вечарынках, позна варочаецца, а пасьля прасьцюдзіўшыся чыхае! Ах, трэба яго выдзерці за вушы… (ідзе да правых дзьвярэй, адчыняе іх і затрымоўваецца зьдзіўленая на парозе). А-а!.. А гэта-ж што? А вы хто такая? (ірон.). Вось гэта мне падабаецца! Са мной жаніцца абяцаўся, а другую ў пакоі на ноч зачыняе. Ну, я-ж яму задам, як ён прыйдзе!

Уршуля (уваходзячы без капелюша). Выбачайце, але хто вы і якое вы маеце права?

Мар’янна. Якое права? — А вось якое права: гарэлку маю пье, на сьвежыя блінчыкі ў кухню да мяне бегае, як зьбярэцца ў мяне якаясь лішняя капейка, дык зараз да мяне: „панна Мар’янна! пазыч! аддам, далібог аддам!“ (ірон.) аддае, каб ён скіс! — вось якім правам! Сьцямілі?

Уршуля. Выбачайце, але вы аб кім?