Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/61

Гэта старонка не была вычытаная

Мацальскі. Ну што-ж? Усе павар’яцелі.

Мар’янна. Павар’яцелі? Быць можа, але я, дякуй Богу, яшчэ не звар’яцеўшы. (Выймае з кішані нейкую паперку). Вось, калі ласка, глянь пан Ільдэфонс і што пан Ільдэфонс на гэта скажа? У мяне ўсё запісана акуратна. (Чытае з паперкі). Дала пану Ільдэфонсу раз 500 марак, пасьля зафундавала паўбутэляк гарэлкі і фунт сальцэсону, пасьля грашыма дала йзноў 300 марак, пасьля новую манішку пану Ільдэфонсу купіла — і так далей — вось усё запісана! Аддай мне цяпер усё, пан Ільдэфонс!

Мацальскі. А я за тое заплаціў ксяндзу за запаведзі!

Мар’янна. Колькі пан Ільдэфонс заплаціў?

Мацальскі. Добра не памятаю, здаецца, што…

Мар’янна. Жулік! Мусіць не даваў на запаведзі, а толькі галаву дурыць ужо трэці месяц.

Мацальскі. Дык-жа панна Мар’янна! я ад шлюбу не адмаўляюся. Я, далібог, калі раз сказаў, дык ужо як ў газэце надрукаваў.

Мар’янна. А жулік! Не пайду я з гэтакім да шлюбу, які ўжо перад шлюбам шашні з бабамі заводзіць.

Мацальскі. Дык-жа панна Мар’янна! Я далібог… Гэта якійсь вар’ят… Тая таксама непрытомная.

Мар'янна. Але! але! круці цяпер пан Ільдэфонс языком, як цялё хвастом. (Дражніць). „Я далібог, я далібог…“ Той вар’ят, гэты вар’ят, толькі пан Ільдэфонс адзін гэтакі разумны знайшоўся… Не! мяне не абдурыш!