Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/62

Гэта старонка не была вычытаная

Зьява 14.

Мацальскі, Мар’янна, Гаўдэнт (убегае).

Гаўдэнт. Знайшоў!! На ложку шпільку жонкі свае знайшоў! Скуль шпілька маей жонкі на ложку?

Мацальскі. А хто яе ведае! Мусі з валасоў вывалілася… Чаго вы ўсе да мяне прычапіліся?

Мар’янна. Пан Ільдэфонс мяне яшчэ добра ня ведаеш. Я тут такую магу зрабіць авантуру, што сам ня рад будзеш. Я пайду да панскага пана, пан Ільдэфонс, і яму ўсё раскажу!

Гаўдэнт (з другога боку). І падушка памята, і коўдра памята, а на коўдры шпілька ляжыць! Га? Скуль шпілька, пытаюся?

Мацальскі. Ды адчапецеся вы ад мяне! За якуюсь дурную шпільку рабіць гэтулькі крыку!

Мар’янна. Не, пан Ільдэфонс! Я пану гэтага не дарую. Я да графа пайду, я яму ўсё скажу, няхай ён за мяне заступіцца… Я гэтага не дарую!

Гаўдэнт. І я свайго не дарую!

За сцэнай чуваць кліч: «Ільдэфонс»!
Кароткая паўза. Усе абамлелі. За сцэнай ізноў нехта кліча галасней: «Ільдэфонс»!

Мацальскі. Пан прыйшоў! (бяжыць на ўсходачкі і затрымаўшыся гавора да Гаўдэнта і Мар’янны). А каб вас чорт узяў! Што вы мне нарабілі!

За сцэнай яшчэ раз чутно кліч: «Ільдэфонс»!

Мацальскі. Іду, іду ўжо! (выбягае).

Заслона.