Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/63

Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ІV.

Дэкарацыя тая самая як ў І-ым акце.

Зьява 1.

Магдалена, Фэлька.

Як заслона адчынілася, на сцэне праз нейкі час нікога няма; пасьля уваходзіць праз правыя дзьверы (праз кухню) Магдалена з Фэлькай.

Магдалена (да Фэлькі). Ціха!.. пачакай!. (бяжыць у другі пакой, асьцярожна аглядае кватэру, пасьля варочаецца). Парадныя дзьверы зачынены, яго яшчэ няма.

Фэлька. Ну, кажы-ж мне, як усё гэта было? (сядае).

Магдалена (сядае). Ну дык вось: граф прасіў, каб я зайшла да яго на шклянку кавы. Ну, думаю сабе, што-ж такое? пайду!.. Праўда, што ў гэтым няма нічога благога?

Фэлька. Ну але!.. Але кажы-ж, што далей?

Магдалена. Ну, значыцца, нічога… Сядзім у салёне, пьем гэтую самую каву, гутарым аб тым, аб сім — раптам… Гаўдэнт убягае! Я аднак пасьпела схавацца ад яго і ўцякла, а ён, Гаўдэнт, нарабіў там шуму, крыку, аж страх!.. Падумай толькі: які скандалісты!.. Ну што за бяда, што я зайшла да графа на шклянку кавы?

Фэлька. Толькі-ж каб ён не даведаўся, што ты начавала ў мяне, а то, не дай Божа, і мне устроіць такі самы скандал.