Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/64

Гэта старонка не была вычытаная

Магдалена. Ну не… не даведаецца… (шукае чагосьці наўкол сябе, пасьля ўскрыквае). Ах!..

Фэлька. Што?

Магдалена. Торбачку ў графа пакінула. Вось калі Гаўдэнт яе там знойдзе, тады ўсё прапала, тады ўжо ня выкручуся!

Фэлька. Гм… гэта дрэнна…

Магдалена. Але дзе-ж я яе пакінула, ня памятаю… Ці прыпадкам яна не засталася на ложку?

Фэлька. На ложку?! Значыцца ты была ў яго спальні?

Магдалена (усхапіўшыся). Што? Я сказала: на ложку? Хэ-хэ! Што я, далібог!.. у галаве ў мяне ўжо путаецца… Ня ў спальні, а на гэтай… як яна завецца?.. на этажэрцы… Але!.. Фэлечка! дарагая мая! пойдзем! ты там забяжыш і возьмеш маю торбачку, а я пачакаю на вуліцы, бо баюся там ісьці, каб ня выйшаў йзноў скандал.

Фэлька (устае). Ну, добра… пойдзем!.. Значыцца сягоньня ўжо ня будзеш начаваць у мяне, а вернешся да хаты?

Магдалена (апранаючы капялюш). Але.

Фэлька. А не баішся свайго скандалістага?

Магдалена. Калі толькі торбачкі ён не заўважыў, дык усё будзе добра. Ня ён мне, а я яму такога тут задам фэферу, што аж ну!.. Ну, і пайшлі! ізноў праз кухню, бо ад парадных дзьвярэй ключ у яго. (Выйшлі).