Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/65

Гэта старонка не была вычытаная

Зьява 2.

Гаўдэнт (адзін).

Гаўдэнт (уваходзіць праз сярэднія дзьверы, трымаючы ў руцэ жончыную торбачку). Ух, Божа мой! і зашто гэтулькі мук? зашто?! Ах, Магдзя! Магдзя! што ты нарабіла! (укленчыўшы перад вобразом, вісячым над ложкам, і злажыўшы рукі). Божа мой! Сьвяты Язэпе, апякуне сямейнага шчасьця, і ўсе іншыя сьвятыя! Выслухайце мяне! Памажэце мне! Зрабеце так, каб Магдзя не ашуквала мяне! Вы калі захочаце, дык усё гэта лёгка зрабіць можаце. Вам гэта столькі клопату, што адзін раз плюнуць, а для мяне гэта справа вельмі важная… Божа мой! зрабі так, каб Магдзя за хлопцамі не ўвіхалася, а сядзела пры мне…

За сцэнай званок.

Хтож-бы гэта? Можа яна?! (устае, ідзе, адчыняе дзьверы).

Зьява 3.

Гаўдэнт і Уршуля (ўваходзіць).

Уршуля. Пан Гаўдэнт, выбачайце… У вас цяпер такое няшчасьце, а я да вас лезу са сваімі справамі.

Гаўдэнт. Ах, няшчасьце, вялікае няшчасьце, панна Уршуля!

Уршуля. Я вас хацела прасіць, каб вы, пан Гаўдэнт, нікому не казалі аб тым, што здарылася… што я… што я там была…