Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/72

Гэта старонка не была вычытаная

Магдалена (няшчыра). Торбачка? Ха-ха-ха! Торбачка! Дык-жа ты нічога ня ведаеш, што гэты жулік Мацальскі як прычапіўся да мяне, дык я ніяк не магла адчапіцца… Усё прасіў, каб я дала яму на памятку сваю хустачку. Я не давала, дык ён узяў разам з торбачкай. І добра, што ты пайшоў і адабраў ад яго… Гм! Жулік які! І падумаць толькі! Кажа: граф! граф! „авэк плязір“, і „мадам-мэсье“ — усё толькі вучоныя словы, усё пафранцузку, а бач! — лякай! А каб яму пуста было!..

Гаўдэнт. А, коцік, а шпілька? А якім чынам шпілька…

Магдалена. Якая шпілька?

Гаўдэнт (выймае з кішані шпільку). А вось твая шпілька… на яго ложку валялася…

Магдалена. Гэта не мая шпілька!

Гаўдэнт. Як не твая? Я-ж добра ведаю, я-ж сам табе купляў гэтыя шпількі.

Магдалена. Вось яшчэ чаго! Што-ж гэта — адна на ўсім сьвеце ёсьць такая шпілька? Шмат такіх шпіляк! Хто яго ведае, чыя гэта шпілька! Выкінь яе вон!.. Або не! дай лепш мне, у мяне не хапае, валасы раскідаюца. (Бярэ з яго рук шпільку і ўсаджвае сабе ў валасы). Але што гэта ты мяне так дапытываеш? Ці ня думаеш ты толькі, што можа я… О! гэтага толькі не хапала-б! Няма дзіва, што гэткая панна Уршуля мяне не паважае і ўселякія глупствы гавора, калі мой уласны муж чорт ведае, што аба мне думае!.. Ах, Божа мой! Вось лёс! Вось доля! Салодкае жыцьцё з гэтакім чэлавекам, няма што казаць!