Старонка:Шыпшына (1927).pdf/20

Гэта старонка была вычытаная

ЗАРА КУПАЕЦЦА

Зара купаецца у сьнежных веях,
трывожыць ціш пранізьлівы гудок;
крамянай шэраньню сады сівеюць,
гляджу што-раніцы, гляджу я на усток.

А ў нас на вуліцы сьляды на сьнезе:
адзін, другі… ці можна іх зьлічыць?
Здаецца клён зацьвіўшым бэзам,
а раньні звон — усплёскам навальніц.

І дух і крок гартуюцца навалай,
таму ад радасьці — у сэрцы шыр…
.......
Імклівяць дні, за хваляй хваля:
здаецца сьнег — ня сьнег, а жвір.

Жарства калючая у шэрані крывавай…
Прабегла дрож, як электрычны ток…
Замоўк гудок — маўклівая трываласьць, —
гляджу ізноў упарта на усток.

Маўчыць Усход. Чыя-ж там перамога?
Напорна вочы мераюць прасьцяг:
шляхі бязьмежныя, бязьмежныя дарогі,
і людзі йдуць, нясуць чырвоны сьцяг.