Старонка:Шыпшына (1927).pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

Віюцца сёньня песьні, —
Зьвіваўся лямант;
здавалася,
што сьлёзы век ня счануць.
Вазёры і балоты —
мо‘ гэта плямы
ад сьлёз былых
на пурпурах пясчаных?

Сягоньня сьлёзы ўсе
мы пазьбіралі ў наквець,
каб край балот
закрасаваў, зацьвіў.
Таму і радасна,
аж да усьмешкі нават,
што росы падаюць
гарэць на жвір.

А вось ці чулі вы,
як плачуць навальніцы,
як стогне бор
і шалясьцяць лясы?
Тады маўчаць
дарогі і гасьцінцы,
а хмары чорныя
выходзяць галасіць.

Тады і ён
выходзіў на дарогу,
каб вартаваць
пясчаныя палі.
Балюча сэрца раніў
кплівы рогат,
што думы ў песьнях
мужыцкіх запаліў.