Старонка:Шыпшына (1927).pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

Браточак мой і дружа дарагі,
за што балюча сэрца дакараеш?
Ц-ж я поэзіі адводжу берагі
альбо зару тушу над краем?

Няхай зара гарыць, ня меркне і ня гасьне, —
краіну не спавіе туман!
Я сам-бы меў за радасьць і за шчасьце
сьпяваць пра любую, ды любае няма.

Ня думай ты — я не пазайздросьціў
і ня ўпікнуў, што пішаш пра дзяўчат:
люблю у песьні шчырасьць, простасьць,
вясёлы сьмех у маладых вачах.

Няхай гавораць — дзяўчаты згуба
і трацяць моладасьць калосьсямі у полі,
Нашто-ж халодныя цалуюць губы
і праклінаюць іх халодны погляд?!

Адным узрадаван, адным усьцешан,
што песьню ёй калісь злажыў…
Няхай яна мо‘ выдумка, насьмешка —
усё-ж лягчэй сьпяваць і жыць.

Няма цяпер маўклівай кволасьці:
люблю у слове звон і шыр.
Гарыць душа аб будучыне полымем,
а песьня — толькі бляск душы.