Старонка:Шыпшына (1927).pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

НЯ ДУМАЎ НІКОЛІ

Ня думаў ніколі, што вочы прадоньне,
хоць гляне яна маладая:
казаў што учора, ня выкажу сёньня —
бо сёньня ёй песьні складаю.

Прайшла, толькі строі далёка шасьцяць,
усьмешку на вуснах стаіла,
а гэта усьмешка, усьмешка жыцьця —
чароўная дзікая сіла.

Ці зірк, а ці зоры упалі на ніз,
саткалі узор бавальніцай?
Глядзець, ці упасьці з радасьцю ніц —
прыгожасьці тэй пакланіцца.

Ці хмары, ці косы, ці можа туман
над рэчкаю ветры гайдаюць?
Казаў ‘шчэ учора, што любай няма, —
сягоньня ёй песьні складаю —
ня думаў ніколі, што вочы прадоньне.

25-XI—26 г.
Менск