Старонка:Шыпшына (1927).pdf/42

Гэта старонка была вычытаная

Я ЧАСТА ДУМАЮ

Я часта думаю, а думкамі гадаю,
за што халодным поглядам карыш?
Ці-ж ты ня ведала, дзяўчынка маладая,
што страціш сэрца — радасьць дагарыць?

Спаткаў цябе, як і ўсялякую другую,
спаткаў увечары вясною ля ракі,
там вербы гольлямі зямлю цалуюць,
а хвалі б‘юць імкліва ў берагі.

Падаў табе руку для шчасьця,
каб разам сьвет агнямі запаліць.
Я не паверу, што хмары неба засьцяць,
калі калосьсямі красуюцца палі.

Чаму і дзе ты страціла таварышаў,
а любым стаў усякі „дарагі“?
Халоднай радасьцю навошта хвалішся,
калі яна асьвяне, дагарыць?

І зараз вочы на штосьці скардзяцца,
а сьлёзы падаюць сьняжынкамі на дол…
Скажы… Скажы… ці-ж то ад радасьці
стаіла ты у вочах боль?