Старонка:Шыпшына (1927).pdf/45

Гэта старонка не была вычытаная

ВЯНЕ УСЬМЕШКА

Вяне усьмешка на вуснах,
русая жоўкне каса,
ў сэрцы самота і вусьціш…
Ведаю боль? — што казаць.

Сам перажыў гэту здраду, —
словы спагады лавіў:
плакаў за нечую радасьць,
ласку чужую хваліў.

Плакаў, а сонцу ўсьміхаўся,
ткаў з яго кос паясы, —
думка высока ўзьвілася…
Толькі ня трэ‘ галасіць!

Плюнь на спагаду і здраду,
сьлёзы зьбяры у прыпол, —
знойдзеш і ласку і радасьць,
лістам ня ляжаш на дол.

Ведаю — сэрцу што горна:
русая жоўкне каса, —
плюнь на спагаду пакорных,
плюнь, ня зірнуўшы назад!

22-VII—26 г.
Менск