Старонка:Шыпшына (1927).pdf/56

Гэта старонка не была вычытаная

А цяпер галава адцьвітае
і усьмешкі вясёлай няма.
Жаўталісьцямі дні дагараюць
і зямлю засьцілае туман.

Ночы гэтыя цёмна-асеньнія
навяваюць вятрамі тугу…
А сапраўды, якое вясельле,
калі брата кладуць у труну?

Дарагое з усьмешкай аблічча,
я дарую за ласкі табе,
толькі вусны хай болей ня клічуць
ў гэтай страшнай, асеньняй журбе.

Няхай вецер жалобай ня сьвішча,
не шасьціць у кляновым гальлі,
бо вось гэта пажоўклае лісьце
шэпча мне, што калісьці любіў.

Можа так, але зараз другое:
бачыш восень — гаі адцьвілі,
і апрыкрала шмат дарагога,
быццам жоўкласьць асеньняя ліп.

І здаецца, што дзесьці далёка
зацьвітае шыпшына зімой,
а у нас на радзімых балотах
расьцілаецца ў шэрані мох.

Дык таму я гатоў валацугай
у далёкія мкнуцца краі,
каб і ты, Беларусь, па-над лугам
апранула зарніцы страі.