Старонка:Шыпшына (1927).pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная

ТЫ ВЯСНА

Ты вясна — маладая красуня,
хіба я не такі малады?
Сэрца радасьцю ціхай красуе,
а у цьвеце красуюць сады.

Зелянеюць на сонцы узгоркі
і сіней за нябёсы рака.
Ой, дзяўчаткі мае комсамолкі,
выйдзем разам вясну сустракаць.

Засьпявайце вясновую песьню,
я вам буду і сам падпяваць.
Сонца косы шаўковыя песьціць,
на узьмежку ўзыходзіць трава.

Ты вясна — маладая красуня,
прыгажэй за усіх за дзяўчат:
галава буйным цьветам красуе,
зацьвілі васількі у вачах.

Вясна 1926 г.
Менск