Старонка:Шыпшына (1927).pdf/77

Гэта старонка не была вычытаная

АХ, НЯ ЛІСЬЦЕ

Ах, ня лісьце, ня лісьце шастае,
быццам золата русых кос, —
гэта россып асеньняя, частая
прасачылася ў сэрца наскрозь.

Дзень учора быў волкі і мокры,
ліст кляновы апаў і прамок,
толькі сэрца маё не прамокла,
хоць і кволіўся сіні змрок.

За вакном чую шэлест асеньні
значыць, падае, падае ліст…
І гайдаюцца, сьцелюцца сьцені,
дзіка совы заводзяць сьвіст.

Значыць — лісьце, лісьце шастае,
быццам золата русых кос…
Гэта восені радасьць і шчасьце
прасачылася ў сэрца наскрозь:

ці-ж ня знаю, што клён зацьвітае,
што рабіна затым і гарыць,
каб вясною блакітнаму маю
шэлест сіня-зялёны дарыць.

Восень 1926 г.
Менск