Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

А калі вясна й сонца, тады пяюцца журліва-вясёлыя песьні аб вясьне, тады нейкая маладая радасьць, быццам поўніцца ў жыцьці тое, што было важнага незапоўненым.

Упарта звоняць над вёскай мілагучныя вясновыя званы. — Ціхі ды ласкавы рытм пра сьвята — вясну жыцьця. І радасьць — і сум… А можа гэта ад таго, што і ў жыцьці вялікая радасьць заўжды мяжуецца з незразумела-ціхай, салодкаю журбой?

Над вокнамі шумяць бярозкі…

Апусьціўшы лахматую галаву ўніз, прайшоў па вуліцы ўжо немалады хлапец Даніла — смутны ад нечага. З год, як жаніўся ён. Была з жонкаю асабовая сямейная драма, і яны разышліся. Жыве адзін, дык забірае з душою чалавека гэта сумотнасьць. Ды к таму бацька гоніць яго з сваёй хаты. І ходзіць чалавек з нязьведанымі думамі, з адзнакай на твары мукі і пакоры перад жыцьцём… Вясна — не вясна, радасьць — ня радасьць чалавеку, — бо сэрца прасякнута перажыткам душэўна-нутраной драмы…

У канцы вёскі, дзе хаты гурбою неяк прытуліліся адна к другой, а вуліца зусім звузілася, грамада дзяўчат ішла па вуліцы ў другі канец вёскі ды пелі прыпеўкі. У вясеньнім разьліве гэтыя прыпеўкі ня можна было разьвязаць, толькі прыпеў вясёла гучэў, сярэбрана.

Цётка Марына вышла з варот на сустрач дзеўкам і глядзіць-то на сонца, то на поле. Сіні андарак яе з белымі поперак палосамі блішчыць пасьвятошнаму. На плечах чырвоны кабат з нейкімі пазалочанымі абшыўкамі — гэта старамоднае, — мусіць засталося ад дзявоччыны яшчэ. Настроі ў яе вясёла-вясновыя, сьмяецца і крычыць дзяўчатам: