Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

займаюся-ж я адной справою, а яна другою — гэта-ж нясходна так міжсобя.

І пачуцьці былі — родныя ды далёкія.

Яна з вачэй зьнікла і, відно было, як вілаватаю сьцежкаю пашла да рэчкі. Я замест лапцей, адзеў старыя боты, каб ня дужа было мокра, і пашоў сьледам.

І так сумна было аб нечым.

На небе воблакі з просіньню абозам вандравалі некуды, шукаючы нібы шчасьця, нібы горасьці-як чалавек, і белым вокам пазірала з высі сонца. Зацягнулася на даляглядзе неба жоўта-ружовымі колерамі… Ляжала вясна ў чыстым адзеньні, у зелені лесу, з туманам лясных хвой. Нядаўна зусім ляцелі з гоманам журавы з выраю, скіглілі жаласна яны над полем і нізка спускаліся, ажно да самых гумён.

Беражыстая рэчка ўтапілася ў хмызьняках і лазе; спрадвеку жалобна журчыць пра людзкія надзеі, як сьведка таго, што было. Блішчастая колерам, істужкаю сьцеліцца яна і даўным… даўно поіць людзей, не зважаючы ні на стогалосы шум у бары, ні на ціхія песьні чмараўцаў, як казкі, ні на тое, што жоўкне трава — мурог на беразе.

На тым баку зялёны бор, кустоўе, невялікі ўзгорак ды жоўта-зялёныя сенажаці; на гэтым баку стаяць лазьні, а вышэй к сялу — гумны з рознымі будоўлямі…

Вясною здаецца, што бачыш гэта ў першы раз…

Алёна ў вадзе стаіць па калена, плешчыць моцна праньнікам, а пырскі далека раскідываюцца і праньнік выбівае „тахты“… Стаю я на беразе, гляджу ў воду, як плывуць трэскі ўніз. Тады прысеў на плоскі бераг, стаў мыць боты нага аб ногу і думаць: