Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

поту цапы. Будуць поўны засекі хлеба — тады Лявонава сям‘я будзе шчасьлівай. А можа няўрод будзе? А можа навальніца паглуміць усё? Дык што тады?..

У галаву крадуцца і цьвітуць новыя думкі-краскі.

Стары ўгледзіўся ў даль, падставіў далонь к вачам і бачыць: поле зялёна-радаснае, шырокае, сходзіцца з небам. Паківаў галавою ды выцер пот рукавом, а тады пацёр старыя грудзі.

Забрынчэлі на колах шыны паломаных калёс, а рыжы маленькі жарабёначык заблытаўся ў аглоблях. Хлапчук застанавіў пахмурную кабылу ды выблытаў жарабёнка, а той вясёла заіржаў і пабег ля дарогі шчыпаць касьнікі жыта.

Насыпаў Лявон поўную сяўню ачышчанага збожжа — аўсу, павесіў яе за плечы, папляваў у чорныя далоні рук. І зьняў з галавы шапку, бо сонца грала няўтрымана, памахаў рукою, быццам пераксьціўся на сонца. Пашоў хадзіць роўнымі крокамі, рассыпаючы зерне.

Птушкі лётаюць, а пець яны могуць сёньня толькі аб радасна-жыцьцёвым. Узьнімаюцца ў даль і адтуль нябачна пяюць на розныя лады…

— Нно-о-о!

Крычыць на сваёй паласе Лявонаў сусед на свайго старога каня. Хоць конь і худы, і ледзь перасоўвае ў плузе ногі, але ў голасе чуецца вясёлая жыцьця-здольнасьць: яму хочацца пакрычаць на каго небудзь, моцна пасьмяяцца і потым раптам выплеснуць гэтую вясёласьць…

Па шнуру возяць на пахаты тлусты гной, пах ад яго, зьмешаны з пахам дзёгцю, далёка чуцен.