Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/33

Гэта старонка не была вычытаная

вуліцы пахі зямлі з вясною. Тады вуліца загаварыла рознымі зыкамі: заграла ў канцы на гармоніку, засьмяялася. Тады ўжо насярэдзіне сяла моцна заграў гармонік; ноты яго былі то вельмі гучнымі, то зусім зьніжаліся і разносіліся ціха ды роўна. Крычаў нехта, і заборысты сьмех усё пакрываў. Прыпеў гуляў — роўна, плаўна і раптам — з выкрыкамі, якія рушылі роўнасьць:

На-ашы-ы дзе-эўкі-і на прыпеўкі-і…

Гг-э-эх!..

У дзень я езьдзіў за чатыры вярсты ў Стышкава рэзаць дошкі; за дзень змарыўся там, а ўвечары пашоў па вуліцы ў цемені.

Перад нядзеляй позна лажыліся спаць, а маладыя за поўнач гулялі… Як ішоў па вуліцы, у бярозах вецер дуў і калыхаў гольле з пупышкамі пад паповым акном. А дом папоў стары і разбурваецца.

Поп Назар Мікольскі ў чорным, стаяў прыхіліўшыся — ды нешта думаў — вялікае і сумотнае, нязьмернае сваёй мераю… Застанавіўся і доўга стаяў я. А поп у той-жа позе быў, і чорная постаць зраслася з чорным вуглом. Думаць ён мог: аб вялікасьці ды нязьмернасьці сьвету, аб ніштаватасьці чалавека перад усім сьветам (перад гэтым зорным вечарам), што адчуваньні чалавека наогул — з горам і радасьцю — „тлен“ перад вялікасьцю існуючага і не разьвязанага. Гэта ён гаварыў усім тым, хто мог яго зразумець, вычытаўшы з тых філёзофскіх кніг, што цэлымі днямі чытаў, і шмат іх у яго было.

Стаяў і думаў, а ў песьні хлопцы задорыста зацягнулі нешта „пра бога“…

Ча на небе ся-адзіш —
нічога ня ро-обіш…