Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

ля лесу й лугу — было ціха… Там Грышка пачаў ужо доўга і многа граць. Грае ён то вясёла, то надта ўжо сумна, як захоча калі; сам скласьці можа прыпеўку ці песьню. Пяе больш ён аб жыцьці — і выходзіць у яго складна…

— Ўлетку жарка —
тру-ту-ту!
Ўзімку холад —
тру-ту-ту!

Першыя дзьве ноты бралі вясёла, разьліваючыся па лесе, а ў другіх чулася нявычарпаная нуда:

Прышла вясна-а —
хлеба-а няма-а…
Тру-ту-ту-у! Тру-ту-ту!

Пачуць можна было то невясёлае, што холад ды голад прабіраюць яго, што ў жару працуе ён да поту… І за нотамі гэтымі было-ж нешта іншае, што забірала душу, прымушала скакаць тут вось — на зялёнай мураве ды слухаць, як на ялінах напяваюць хвоі…

Пасьля зыкаў пастуха, Чмарава прачнулася. Цяпер ужо загаманілі хаты, чорным дымам задымілі камяны. На вуліцы ўлёгся пыл, а над ракою яшчэ стаяў празрысты туман. У гэты чаc скрыпелі калодзежы, з падаткнутымі подаламі насілі бабы ваду, і сабраўшыся, гаварылі розныя навіны і прыгоды…

… Пры канцы, стаяла царква, як згорбленая багамолка; аблупілася ўнізу, на карнізах, на званьніцы галубцы зьвілі гнёзды. Вее ад царквы трухлявасьцю, здаецца, во-во падзе, а з ёю і ўвесь закон і ўсё тое, на што моляцца і рыхтуюцца да лепшага жыцьця на тым сьвеце.