Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/37

Гэта старонка не была вычытаная

адносіцца, бо ў яго ёсьць свая вялікая сям‘я, якую трэба карміць, адзяваць; і даволі таго, што па некалькі гарцаў зьбярэць у год з кожнага веруючага; а так — згінь ты ўсё тут! — і так ужо абрыдла за некалькі год вартаваць гэту царкву, паднасіць папу кадзіла ды вазіць яму дровы…

— В-о-ча на-аш! — сіпла басіць гугняым голасам дзяк, а поп яму адказвае:

— А-амі-інь!

Гэта разносцца пуста і глуха…

Аксён дзяка ня любіць за тое, што ён гатоў садраць за вясельле ці за хрышчэньне дзесяць скур. Пашоў ён у дзякі з карысьці й хоча дабіцца папоўства. Не падабаецца й голас яго, калі ён цягне доўга й працяжна гугнявячы:

— Аль-лі-і-луя-а-а…

— Баў-у-у! — злосна звоніць яшчэ раз, рвучы ды вяжучы гнілую вяроўку ад біла самага вялікага звона.

Во царква, дык царква — і вяроўкі добрай ня можна справіць, каб ты згніло гэта…

Але гаворачы, баіцца, каб не сказаць якога брыдкага слова, бо ўсё-ж ‘ткі гэта сьвятое месца.

Глядзіць Аксён са званьніцы да тых пор, пакуль не назьбіраецца шмат людзей на вуліцы; гэтыя людзі прыходзяць не маліцца, а каб пагуляць тут, бо гэта самае добрае месца. Часам зьявіцца гармонік з цымбаламі, гучна заграе з прыпевам які небудзь вальц ці „каробачку“. У царкве йдзе сьвятая служба, а на вуліцы — нязвычайная вясёласьць, рогат, гукі і рытм новай песьні. Кружачыся, скачуць пары хлапцоў з дзяўчатамі пад садам, супроць царквы; зьбяруцца і старыя, кураць, ды паважна разыходзяцца