Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

роўна пацягнуўся дым, губляючыся на небазводзе… Згорблены дзядуля з хутара, абапёршыся на кій, стаяў на шляху. Жмурыў ад сонца вочы, — пасьвіў на адкосах шляху авец… Хутары зарасьлі алешнікам, бо стаялі ў балоце ды маўчалі. Яшчэ далей, касцы гужамі клалі пакосы.

А Нічыпар з Макарам прыляглі ў цяні, падклаўшы пад галовы сьвіткі. Макар скардзіўся Нічыпару, што ён ўжо стары і ў сям‘і, значыцца, не работнік; дык баляць, пакасіўшы вось так бакі, а тады, каб ачухацца, трэба аддыхаць некалькі дзён.

— Хіба зяця к сабе ўзяць? — разважна прагаварыў.

А Нічыпар даў яму раду:

— Вазьмі сабе, калі хочаш на шыю адзець хамут…

— Ідзе табе хачу: тут каб гаспадарка не развалілася… шкода, тут-жа сваім гарбом усё нажываў…

— Яно шкода, гэта так! Толькі маладыя цяпер сталі распусьнікамі. Дык ты вазьмі хоць залатога, што ля хваста дачкі ўвіваюцца, — хату на ногі не паставіць… Ня тыя ўжо людзі цяпер пашлі…

Нічыпар пачаў засыпаць. Яму было ўсё роўна і да Макаравай гаспадаркі і да яго зяця. Ён моцна трымаецца на зямлі, бо сам сябе лічыць чалавекам практычным. Макара зайздрасьць брала, глядзець-жа на яго шкода было: такі ён стары ды кволы, ня можа весьці барацьбу са сваімі перашкодамі… А тады Макар пачаў аб іншым:

— Стары ў мяне конь і худы, — ці прадаць-бы яго, а то марна сена губіць толькі…

І парашыў прадаць каня к Пакрову.

Зноў шпарка захадзілі косы, кладучы пакос за