Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/50

Гэта старонка не была вычытаная

— Ці сум на полі, ці радасьць?

Сум і радасьць — жніво…

IX

З поля даважываюць снапы. Скрыпяць калёсы, панарад іх дражыць, ляскае. Гаворкі людзей аб ураджаі, сабраным з поля. З гародаў пахнуць сьпелыя каноплі. У сьвяты дзень да вечара гуляе на сяле моладзь…

А ў канцы лета слаўныя вечары.

Сьвецяць зоры і цёмны змрок хутае дрымоту. Каля рэчкі стаяць лозы, схіліліся з берага ў самую цемень вады за вялікай вольхаю, што так дрымотна і млосна шапаціць лісточкамі, на зялёным дзірване я чакаю Алёну.

Прыходзіць яна радасная і ўжо здалёк сьмяецца шчырай усьмешкаю. На ёй белая хустка — так падыходзіць яна к твару Алёны. Садзімся пад вольхаю, поплеч, гляджу ёй у вочы.

Думаю і гавару:

— Глядзі, які прыгожы вечар, які ён ласкавы… такое і жыцьцё… Толькі трэба ўмець жыць, каб не паддацца злыдням жыцьця…

Алёна схілілася на плячо і верыць:

— Мы з табою пераможам, Юрась, не паддадзімся!

— Так, пераможам…

Жыцьцё шырока, як зямля, думы мае — так-жа. Сон гэта — ці не? Расьце ў грудзёх шырокае і далёкае — далёкае — думы, думы!

Плёскае рэчка, нячутна вецер кудлачыць кудзер чорных валос, што выбіліся з пад хусткі Алёны. Узьнімаюцца грудзі шчасьцем непамерным, як гукі песьні пра каханьне.