Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/58

Гэта старонка не была вычытаная

да пунь у зацішшы і нібы чагосьці чакаюць. Ад кожнай хаткі да другой пракопана маленькая сьцежка паміж сьнегу, каб хадзіць адзін к другому, расказаць пра сёньнешні дзень — ды праведаць навіны. Дзе небудзь на дварэ пачуецца стук: гэта нехта стукае сякераю па мёрзлых дровах, каб потым распаліць печ…

Дні ціха-павольныя… Чым яны лепшы, ці горшы адзін за другога? Яны ня могуць выказаць тую жыцьцёвую праўду, што крыецца ў бурах і ў цішыні, сонечных днёх і хмарных. Выкажуць гэтую праўду сонечна-цёплыя дні, калі на чорнай зямлі ад ворыва - пахані, памёрзлы зазіму быльнік, закрасуе сьпелым налівам збожжа. Тады раскінецца лес зялёнымі хвоямі, зашуміць нявыказаную яшчэ казку любві чалавека да зямлі, к родным загонам. Разводзьдзе ракі разьнясе крыгі, як у жыцьцёвым вадаспадзе…

Вясна будзе радасьней жыцьця…

У кожнай нізенькай хаце сваё жыцьцё, свая барацьба за нявыказаную праўду — ні жыцьцём, ні зямлёю; і бруд жыцьця з бойкамі — ня скажуць у поўнай меры дамаганьняў чалавека.

І толькі сонца, спаўняючы дзённую працу, міжвольна, гультайна, падзівіцца ўсяму захаванаму ў сьнегавых мурох. Зірнець балюча, адным вокам з-за хмар — і схаваецца за туманы. А вецер сьледам за сонцам пагоніцца, мяцеліцай прамень замяце, кінуты зьнячэўку сонцам. Як злодзей, бадзяецца вецер за хатамі па сумётах сьнегу і туліцца за пунямі. Прабярэцца шчэлкаю ў хату, ды й гуляе па лаўках, ціха падмятаючы пыл на падлогах.

На загонах гуляе вецер.